Ружа, васілёк, незабудка, кошка. Што лішняе? Пра шызафрэнію на рэальных прыкладах гаворыць маладзечанскі псіхіятр Аляксандр Бажко

Я

2.04.2016 11:09

AЎТАР(Ы):
Настасся Роўда

Ружа, васілёк, незабудка, кошка. Што лішняе? Пра шызафрэнію на рэальных прыкладах гаворыць маладзечанскі псіхіятр Аляксандр Бажко

Як працуе мозг у чалавека, хворага на шызафрэнію? Дзе заканчваецца свабода выбару ў такога чалавека? Ці можна яго прымусіць лячыцца? Гэтыя і іншыя пытанні, якімі абрасла шызафрэнія, раскрываем у сённяшняй размове.

Па статыстыцы, да кабінета псіхатэрапеўта даходзіць не больш за 30% усіх хворых на псіхічнае расстройства. “РГ” прыйшла на прыём да загадчыка Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера, доктара-псіхіятра-нарколага Аляк­сандра Бажко і папрасіла патлумачыць, што за хваробы хаваюцца за псіхічным расстройствам, калі трэба пачынаць іх баяцца і, галоўнае, як іх убачыць, пакуль не позна лячыць.

Згодна са статыстыкай, на шызафрэнію хварэе 1% насельніцтва. Адпаведна, у Маладзечне хварэе каля 1000 чалавек.

Шызафрэнія цікавая сваім нестандартным мысленнем. З-за гэтага нашых пацыентаў і асцерагаюцца. У іх мозг працуе іначай. Калі даваць лагічную задачку, здаровыя людзі адкажуць прыкладна аднолькава, бо яны мысляць аднымі катэгорыямі.

Ружа, васілёк, незабудка, кошка. Што лішняе? Натуральна, большасць лічыць лішняй кошку, бо ўсё астатняе – кветкі.

На першым годзе маёй практыкі, у 2004 годзе, быў такі выпадак. Я размаўляў з пацыенткай і ўжо разумеў, што ў яе ёсць расстройства і што, хутчэй за ўсё, гэта шызафрэнія. Але патрэбны быў шэраг сімптомаў, бо дыягназ не напісаны на лбе. Я задаў ёй тое ж самае пытанне, толькі яшчэ паказаў выявы кветак і кошкі, і пацыентка адказала: “Кошка”. У мяне з’явілася лёгкая прыкрасць, бо я адчуваў, што на верным шляху, але пазл не складваўся. Я ўжо хацеў скончыць з гэтым заданнем, збіраю карцінкі і паралельна задаю пытанне: “Чаму?” Адказвае: “Таму што яна можа быць чорнай, а я не люблю суседку”. Спосаб мыслення зусім іншы, нестандартны. Калі я папрасіў патлумачыць адказ, яна распавяла, што ў яе двары жыве жанчына, якая трымае катоў, адзін з якіх – чорны. Калі мая пацыентка ідзе дамоў, гэты чорны кот пераходзіць ёй дарогу. Пацыентка лічыла, што менавіта з-за гэтага ёй не шанцуе. Менавіта таму яна і зрэагавала на гэтую карцінку, ніяк не звязваючы адказ з кветкамі.

Ці, напрыклад, калі нам трэба трапіць з Маладзечна ў Смаргонь. Звычайны чалавек па­едзе ў бок Насілава і далей да Смаргоні, бо так найбліжэй. Чалавек з шызафрэніяй можа паехаць праз Вілейку зусім па нечаканай прычыне, бо ён жа ўсё адно трапіць у Смаргонь.

Пры шызафрэніі людзі могуць бачыць і чуць тое, чаго не бачаць і не чуюць іншыя – галюцынацыі. Чалавек, хворы на шызафрэнію, можа размаўляць з вамі і бачыць яшчэ трох чалавек, якія будуць яму казаць, што гаварыць, а пра што маўчаць.

Рэальны прыклад. Маладая дзяўчына прыйшла на ўрачэбна-кансультацыйную камісію. У яе быў цяжкі выпадак, трэба было вызначыцца са шматлікімі пытаннямі. Побач з двума дактарамі падчас размовы дзяўчына бачыла яшчэ трох персанажаў, да якіх яна час ад часу звярталася па імю. Вось гэта галюцынацыі. Прычым гэтыя персанажы хворы чалавек бачыць гэтак жа яўна, як і рэальных лю­дзей, і не можа адрозніць, дзе персанаж, а дзе рэальны чалавек.

Тонкая мяжа. Калі не атрымліваецца ўстанавіць яе з дапамогай лекаў, тады трэба навучыць чалавека самому знахо­дзіць мяжу паміж рэальным і нерэальным.

Вы яго бачыце? Бачу. Значыць, ён сапраўдны

Галюцынацыі вельмі выразна паказаныя ў фільме “Бліскучы розум”, альбо “Гульні розуму” рэжысёра Рона Ховарда. Біяграфічная драма была намінаваная на “Оскар” у васьмі катэгорыях і ў чатырох перамагла. У тым ліку і як лепшы фільм. У ім распавядаецца пра вядомага матэматыка Джона Нэша, які атрымаў Нобелеўскую прэмію. Ён хварэў на шызафрэнію. У фільме ёсць такі эпізод: заканчваецца лекцыя, прафесар выхо­дзіць у калідор, да яго звяртаецца мужчына. Перад тым, як адказаць, прафесар пытаецца ў студэнткі, ці бачыць яна гэтага чалавека. “Так, бачу”, – кажа дзяўчына. Тады прафесар звяртаецца да гэтага чалавека: “Значыць, вы сапраўдны. Я з асцярогай стаўлюся да новых людзей. Ну, добры дзень. Чым магу быць карысны?”

Пры шызафрэніі людзі мяняюцца эмацыйна. Пад дзеяннем галюцынацый, галасоў чалавек можа не вытрымаць. Уявіце, калі вам хтосьці на вуха ўвесь час будзе казаць: “Разбі акно”.

Спачатку чалавек крытычна ацэньвае сітуацыю: “Не, лухта, не можа быць”. А потым можа проста не вытрымаць, таму што ўвесь час у вушах адно і тое ж, заснуць складана, бо кожнае імгненне табе хтосьці не дае спакою. Гэтыя галасы, якія падштурхоўваюць да дзеянняў, і з’яўляюцца паказаннем для шпіталізацыі ў стацыянар.

Але зноў тонкая мяжа. Шызафрэнія – такое ж расстройства, як і іншыя. Чалавек прымае рашэнне сам, звяртацца ці не па дапамогу. Тым часам людзі, якія побач, хочуць экстраннай дапамогі. Яны баяцца за жыццё іх роднага з шызафрэніяй, баяцца за сваё жыццё, яны хочуць ад доктара-спецыяліста хуткіх экстранных рашэнняў, ізаляцыі: “Дык забярыце яго, адвязіце ў бальніцу”. Але ізаляцыя – крытычная мера.

Што гаворыць доктар пацыенту

Дапамагчы чалавеку захоўваць самакантроль можа дыспансерны ўлік. Наш доктар вядзе размовы са сваякамі хворых на шызафрэнію і расказвае, чаго чакаць, якія ёсць прадвеснікі пагаршэння.

Мы размаўляем з пацыентам, тлумачым, якія трэба прымаць лекі, якія ёсць правілы іх ужывання, гаворым пра тое, што калі ён перастане прымаць лекі, то праз нейкі час яму можа стаць горш. “Вы прымаеце лекі, маеце пэўныя пабочныя дзеянні, але ходзіце на працу, вы ўсё ж такі з’яўляецеся крыніцай даходаў вашай сям’і. Калі вы перастанеце кантраляваць прыём лекаў, ваш стан пагоршыцца, вы не зможаце працаваць, пазбавіцеся даходаў, сям’я не атрымае ніякай грашовай дапамогі ад вас”. Вельмі важна навучыць чалавека адказнасці. Пры дыспансерным уліку чалавеку выпісваюць лекі на месяц. Пасля яму трэба прыйсці да доктара. Не для таго, каб сказаць, што “ўсё ў мяне добра”, гэта таксама, але найперш для таго, каб доктар мог ацаніць стан пацыента і выпісаць лекі, каб не было перапынку ў прыманні.

Калі яму стала горш, калі ён забыўся прыняць лекі і не прыйшоў на прыём, мы тэлефануем самі. Калі пацыент не адказвае, высылаем запрашэнне, нагадваем, што яму трэба прыйсці на прыём, сустрэцца з доктарам. Ён можа прыйсці, а можа не прыйсці.

Вось гэта вечная дыскусія ў галіне псіхіятрыі, канфлікт паміж грамадствам і індывідыумам. Мы прызнаём права на рашэнне лячыцца ці не лячыцца, але чакаем ад чалавека пэўных паво­дзін. Паўстае пытанне, як ён можа прыняць правільнае рашэнне, калі ў яго па-іншаму працуе мысленне.

Калі хворага трэба ізаляваць

У заканадаўстве выразна прапісаныя тыя выпадкі, калі насуперак волі чалавека яго могуць шпіталізаваць. Напрыклад, калі ён небяспечны для сябе ці навакольных. Калі чалавеку бачыцца пачвара, і ён можа схапіць сякеру і пабегчы за ёй. А гэтай “пачварай” можа быць нармальны чалавек. У гэтай сітуацыі хворы на шызафрэнію небяспечны. Яго трэба ізаляваць і змяшчаць у псіхіятрычную клініку незалежна ад таго, хоча ён гэтага ці не.

Такія выпадкі, дзе рэальная пагроза жыццю, ёсць. Але сярод людзей, у якіх ёсць псіхічнае расстройства, гэта пагроза меншая, чым сярод здаровых людзей. Таму гэта міф, што ўсе хворыя небяспечныя.

За маю практыку прыкладна раз на год у нашым дыспансеры адбываюцца сітуацыі, калі я вымушаны прымяніць меры фізічнага абмежавання, каб абараніць сваіх калег, пацыентаў ці сябе.

У нас была сітуацыя, калі прыйшоў наш пацыент, напаўаголены і нецвярозы, і лаяўся перад касай. Я пачуў, выйшаў і папрасіў яго выйсці. Ён быў п’яны – гэта многае тлумачыць. У яго ёсць псіхічнае расстройства – гэта таксама многае тлумачыць. Але ў гэты канкрэтны час ён ствараў пагрозу. Пацыент вырашыў напасці на мяне, давялося прымяніць пэўную сілу, каб супакоіць яго.

Наша амбулаторная служба радзей прыбягае да такіх дзеянняў, а вось у “хуткай дапамозе” ёсць спецыялізаваная псіхіятрычная брыгада. Ім трэба быць гатовымі да любых нечаканасцяў, бо калі іх выклікаюць, то ўжо дакладна сітуацыя будзе нестандартная.

Дэпрэсія можа прывесці да праблем са страўнікам і сэрцам. Чаму трэба лячыць расстройства, расказвае маладзечанскі псіхіятр Аляксандр Бажко

Даведка “РГ”. Аляксандр Бажко. Нарадзіўся ў Маладзечне. Скончыў маладзечанскую СШ №2 з залатым медалём.

Вучыўся на медыка-псіхалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (1997-2003 г.), скончыў з чырвоным дыпломам. У 2001 годзе прайшоў медыцынскую практыку ў Гданьскай медыцынскай акадэміі.

Атрымаў падрыхтоўку па гештальт-тэрапіі Маскоўскага гештальт інстытута. Прайшоў інтэрнатуру і спецыялізацыю на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, пасля заканчэння якой яму прысвоілі кваліфікацыю доктара-псіхіятра.

Ад жніўня 2004 года працаваў у Маладзечанскім псіханеўралагічным дыспансеры на пасадзе доктара-псіхіятра-нарколага. Па сумяшчальніцтве працаваў доктарам-псіхіятрам выязной псіхіятрычнай брыгады станцыі “хуткай дапамогі”, а таксама доктарам-псіхатэрапеўтам. Выкладаў у медыцынскім каледжы.

У 2013 годзе скончыў клінічную ардынатуру на кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па псіхіятрыі-наркалогіі.

Ад 2013 года загадвае псіханеўралагічным дыспансерам, галоўны пазаштатны доктар-псіхіятр-нарколаг Маладзечанскага раёна. У 2014 годзе яго прызналі лепшым доктарам-псіхіятрам Мінскай вобласці,  а таксама лепшым доктарам-псіхіятрам Беларусі.

Па выніках работы за 2015 год Маладзечанскі псіханеўралагічны дыспансер прызнаны лепшай установай аховы здароўя ў Маладзечанскім раёне.

Добавить комментарий