Самагубства – шлях адзінокіх. Не пакідайце чалавека аднаго (адрасы дапамогі)

06.03.2015 «Рэгiянальная газета».

Часам, каб выратаваць блізкага чалавека ад самагубства, яго дастаткова выслухаць і падтрымаць. Фота з сайта stihi.ru.

Часам, каб выратаваць блізкага чалавека ад самагубства, яго дастаткова выслухаць і падтрымаць. Фота з сайта stihi.ru.

Пра самагубствы і іх прычыны распавядае доктар-псіхатэрапеўт Алена Малашка:

Алена Малашка

Алена Малашка

– Няпраўда, што да суіцыдаў больш схільныя падлеткі. За 2014 год не было ніводнага выпадку суіцыду сярод падлеткаў. Увогуле ў Маладзечанскім раёне  па спробах самагубства падлеткі складаюць толькі сем працэнтаў. Большасць жа – людзі працоўнага ўзросту.

60% спробаў самазабойства здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення.

Алена Алегаўна ўпэўненая ў тым, што праблему самазабойстваў нельга замоўчваць. Пра яе трэба гаварыць адкрыта таму, што большасць людзей, якія спрабавалі звесці рахункі з жыццём, ніколі ў спецыялістаў не назіраліся.
Гаворачы пра прычыны суіцыдаў, спецыялісты вылучаюць толькі чатыры групы. Гэта крык аб дапамозе, пратэст, адмова ад жыцця і самапакаранне. А пускавых фактараў ужо можа быць безліч. Ніхто не можа прадугледзець, што ж стане апошняй кропляй у чашы цярпення. Як правіла, гэта або працяглая дэпрэсія, або страта, гвалт, цяжкая хвароба. Не апошняе месца ў шэрагу гэтых фактараў займае злоўжыванне алкаголем ці наркотыкамі.

– У маёй практыцы былі выпадкі, калі чалавек прыходзіў да мяне на прыём пасля спробы самагубства. Прыходзіў цвярозы і каяўся, што калі б не выпіў тады, ніколі ў жыцці з сабой такога б не здзейсніў.

– Людзі, якія прыходзяць да вас пасля спробаў суіцыду, часцей шкадуюць, што іх выратавалі, ці наадварот?
–  Як правіла, усе, з кім мне даводзіцца працаваць, дзякуюць за тое, што іх выратавалі. Здаровы чалавек, якога аднойчы выратавалі, не будзе спрабаваць звесці рахункі з жыццём яшчэ раз.

Мужчыны ў чатыры разы часцей завяршаюць самагубства. Жанчыны ў чатыры разы часцей здзяйсняюць спробы самагубства.

Што датычыцца класіфікацыі самазабойстваў, то тут іх таксама тры: самазабойства ў стане афекту, сапраўднае самагубства і дэманстрацыйнае.

– Хаця ў апошні час дэманстрацыйнае самагубства спецыялісты ў асобную катэгорыю не вылучаюць. Таму што самагубства, нават калі пра яго чалавек гаворыць, каб напужаць кагосьці або шантажыраваць, або звярнуць на сябе ўвагу, нярэдка заканчваецца смерцю. Напрыклад выпадак, калі мужчына пагражаў жонцы павесіцца. У момант, калі жонка ўвайшла ў пакой, мужчына скокнуў з зэдліка, але зламаў шыю.

Сігналы, на якія варта звярнуць увагу

– Чалавек, які рыхтуецца да самагубства, як правіла, падае сігналы, якія ні ў якім разе нельга ігнараваць, – кажа Алена Малашка.

Калі чалавек прыняў рашэнне, ён пачынае сябе паводзіць іначай. Магчыма, ён будзе развітвацца, пісаць завяшчанні, раздаваць рэчы.

У чалавека мяняюцца паводзіны.

– Асабліва трывожны званочак, – кажа Алена Алегаўна, – калі чалавек доўгі час знаходзіўся ў дэпрэсіі, а раптам, без відавочных прычын, яму стала лягчэй. Гэта можа азначаць, што чалавек прыняў канчатковае рашэнне, і яму ад гэтага стала лёгка.

– Што рабіць у такой сітуацыі?

– Не пакідаць чалавека аднаго. Самагубства – акт адзінокі. Размаўляць з чалавекам. Прапаноўваць яму выйсце з сітуацыі, з якой сам чалавек гэтага выйсця можа не бачыць. Толькі не суцяшаць пустымі абяцаннямі, што ўсё будзе добра. І звяртацца да спецыялістаў.

Алена Малашка

http://www.rh.by/by/322/50/11021/

Адрасы, па якіх дапамогуць вам ці вашым блізкім:

“Тэлефон даверу” ў Маладзечне: 74-66-20
“Тэлефон даверу” ў Мінску: 8-017-202-04-01
Доктар-псіхатэрапеўт: паліклініка №2 па Вялікім Гасцінцы, 67-б, кабінет 43. Тэл: 74-71-99
Доктар-псіхатэрапеўт: паліклініка №3, вул. Лібава-Роменская, 53, кабінет псіхатэрапеўта, тэл. 74-81-77
Доктар-псіхіятр: псіханеўралагічны дыспансер, Вялікі Гасцінец, 58, кабінет №1 і №2, тэл: 58-04-03; рэгістратура, тэл: 58-04-05
Псіхолагі: паліклініка №1 , кабінет №79, тэлефон 74-91-71.